Янка Маўр
140 год з дня нараджэння
Янка Маўр - капітан нашых падарожжаў
Першаадкрывальнікам у асваенні новага для беларускай літаратуры прыгодніцкага жанру стаў Янка Маўр. Ён павёў чытачоў у займальнае падарожжа па свеце і назаўсёды застаўся ўладаром дзіцячых сэрцаў.
-
Янка Маўр нарадзіўся ў горадзе Лібава ў сям’і выхадца з Беларусі, які апынуўся ў гэтым горадзе ў пошуках працы. Яго бацька быў адстаўным салдатам, паходзіў з беззямельных беларускіх сялян, працаваў сталяром. Да ваеннай службы ён насіў прозвішча Ільін, а прозвішча Фёдараў з’явілася ў выніку памылкі армейскага пісара, які запісаў Міхаіла Фёдаравіча – Міхаілам Фёдаравым.
-
Янку Маўра выключылі з Панявежскай настаўніцкай семінарыі, выпускнога класа – за вальнадумства і «за сумневы ў рэлігіі». Тым не менш, Янка Маўр усё ж атрымаў пасведчанне настаўніка пачатковай школы, здаўшы экстэрнам экзамены за семінарскі курс.
-
Янка Маўр быў вядомым эсперантыстам, вёў перадачу для эсперантыстаў на беларускім радыё. Свайму зяцю Міхасю Міцкевічу ён чытаў «Яўгена Анегіна» на эсперанта. Ведучы перапіску з эсперантыстамі свету і атрымліваючы ад іх рэдкую інфармацыю, ён напісаў кнігу «Амок».
-
Янка Маўр сабраў вялікую хатнюю бібліятэку, якая была адной з лепшых у даваенныя гады ў Беларусі.
-
Янка Маўр захапляўся спірытызмам. У Маўра быў філасофскі склад розуму, і ў спірытызме ён бачыў не містыку, а недаследаваную прыродную з’яву, і спрабаваў зразумець яго механізм. У пісьменніка былі два тоўстых сшытка, у якія ён запісваў вынікі спірытычных сеансаў, але ў 1938 годзе ён іх спаліў. Спірытычныя сеансы праводзіў пры дапамозе сподка на стале з алфавітам. Вядомы выпадак, калі ён зладзіў нейкаму партыйнаму работніку міні-сеанс спірытызму, падчас якога прымусіў рухацца аловак. На думку Міхася Міцкевіча, Янка Маўр валодаў незвычайнымі здольнасцямі.
-
На сваёй дачы пад Менскам, у Ждановічах, Янка Маўр пабудаваў будан-кабінет з лазы. На мастках над Свіслаччу ён паставіў імправізаваны пісьмовы стол, так, што можна было складаць кнігі пра далёкія краіны, звесіўшы ногі ў ваду і ўяўляючы сябе на беразе акіяна.
-
Два класікі беларускай літаратуры Янка Маўр і Якуб Колас сябравалі амаль усё жыццё. Яны пазнаёміліся на нелегальным настаўніцкім з’ездзе ў Мікалаеўшчыне ў 1906 годзе, ліставаліся ў гады вайны, а ў 1946 годзе нават сталі сваякамі: малодшы сын Коласа Міхась ажаніўся з малодшай дачкой Маўра Наталляй.
-
У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа захоўваецца скрыпка, на якой іграў Янка Маўр. Якуб Колас таксама любіў іграць на гэтым інструменце. Дачка Янкі Маўра, Наталля, часта музіцыравала на пару з бацькам: ён — на скрыпцы, а яна – на фартэпіяна.
-
Імя «Янка Маўр» гучыць сапраўды незвычайна і прыцягвае ўвагу чытача. Неабходнасць у творчым псеўданіме ўзнікла адразу, калі малады чалавек пачаў пісаць. А справа ў тым, што ён — поўны цёзка рускага першадрукара Івана Фёдарава. Знайсці ж гучнае імя пісьменніку дапамагла знакамітая фраза з Шылера: «Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа ісці».
У 1930 годзе Янка Маўр публікуе раман «Амок», які з'явіўся водгукам на падзеі Яванскага паўстання 1926 года. Да напісання гэтага рамана падштурхнулі прачытаныя ім мемуары рускага консула на Яве М. Бакуніна.
«Падштурхнула мяне адно паведамленне ў французскiм эсперанцкiм часопiсу, дзе апiсваўся захоп паўстанцамi галандскага ваеннага карабля. Я зараз жа сабраў яшчэ «цёплы» матэрыял у нашым друку аб ходзе паўстання i якiя ў нас былi кнiгi аб Яве... Вельмi карыснымi былi для мяне матэрыялы, якiя я атрымлiваў непасрэдна з Явы, а таксама з Галандыi, ад таварышоў-эсперантыстаў».
Дарэчы, яшчэ адно цікавае прызнанне: «Назву «Амок» я дэманстратыўна ўзяў ад нашумелай у тыя гады аповесці Стэфана Цвэйга, які ўклаў у гэтае слова нейкі містычны сэнс”.
Янка Маўр не падзяляе погляду аўстрыйскага пісьменніка на амок, гэтую страшэнную хваробу яванцаў, як сляпую, стыхійную сілу, загадкавую і невытлумачальную. Для Янкі Маўра хвароба бедняка-селяніна Па-Інга – сацыяльная, вынік гора і роспачы даведзенага да галечы прыгнечанага народа.
Даведка:
Ява - востраў у складзе Інданезіі, менавіта на ім знаходзіцца інданезійская сталіца - горад Джакарта.
Гэта самая густанаселеная выспа на свеце: 140 млн чалавек размясціліся на тэрыторыі каля 130 тыс. км². Даўжыня выспы складае 1000 км, на ім знаходзіцца 120 вулканаў, а каля 30% тэрыторыі выспы займаюць джунглі.
Ява мае вельмі цікавую гісторыю, Тут былі знойдзены рэшткі пітэкантрапаў і явантрапаў. Першыя дзяржавы на яго тэрыторыі сфармаваліся яшчэ каля ІІІ ст. н. э. і існавалі да сярэдзіны XVII ст., калі Ост-Індская кампанія пачала паступовы захоп выспы. У часы галандскага праўлення на востраве была заснавана сталіца Інданезіі - Батавія (сучасная Джакарта).
Доўгі час Інданезія ўваходзіла ў склад галандскай каланіяльнай імперыі, падчас Другой сусветнай вайны была акупаваная японцамі, а пасля капітуляцыі Японіі абвясціла аб сваёй незалежнасці ў 1945 г. Але да прызнання незалежнасці інданезійцам прыйшлося перажыць Першую і Другую каланіяльныя войны з Галандыяй. 1948 г. змірылася з самастойнасцю Інданезіі.
Востраў Ява адрозніваецца непаўторным сплавам розных традыцый і культур, прыгажосцю і багаццем прыроды.
«Палескія рабінзоны» — прыгодніцкая аповесць аб прыгодах двух юнакоў, што апынуліся адрэзанымі ад усяго свету на востраве пасярод палескіх балот.
Урыўкі:
«Улетку тут канчалася возера і пачыналася непраходнае балота, якое цяпер было заліта вадой. Гэтай вадзе не відаць было канца-краю, апрача той палоскі лесу на даляглядзе. І на ўсёй гэтай прасторы то там, то там вытыркаліся з вады верхавіны дрэў і кустоў - то паасобку, то групамі.
Надвор'е было ціхае, цёплае. Веснавое сонца грэла ўжо як след. Дрэвы зелянеліся. То была ўжо другая паводка на Палессі ў гэтым годзе. Першы раз адбылася яна з месяц назад, з крыгамі, замаразкамі. Пасля таго тыдні са два трымалася сапраўдная, цёплая вясна. Вада амаль сышла, але потым зноў пачаліся дажджы і снег. Ужо тыдзень, як скончылася і гэтая непагадзь. У іншых месцах прыступілі ўжо да ворыва, сяўбы, а ў гэтай нізіне ўсё яшчэ збіралася вада з далёкіх аколіц, асабліва з поўначы».
«Пасля змрочнага бору, бадай што аднолькавага ва ўсе поры года, яны выйшлі ў шырокую сонечную зялёную лагчыну. Трава тут ужо вырасла настолькі, што хоць касі яе. Бяроза, альха, арэшнік, крушына шамацелі сваімі лісцямі, як улетку. То тут, то там над імі ўзвышаліся дубы, ліпы або адзінокія сосны з шырокімі верхавінамі. Здавалася, і сонца тут грэе мацней, чым там, на беразе.
Хоць нашы хлопцы і не думалі любавацца прыродай, але мімаволі спыніліся перад такім хараством і моўчкі пачалі азірацца».
Даведка:
Палессе — гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Размешчана ў паўднёва-заходняй частцы Усходне-Еўрапейскай раўніны, у межах Палескай нізіны пераважна паабапал беларуска-ўкраінскай мяжы, а таксама часткова ў Польшчы і Расіі. Агульная плошча — каля 270 тыс. км². Вышыня — 150—200 м над узроўнем мора.
Палессе — найбуйнейшая з еўрапейскіх балотных тэрыторый. Галоўныя рэкі Палесся — Прыпяць, Дняпро, Дзясна.
Экранізацыі:
У 2014 годзе Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» прадставіла дзіцячы прыгодніцкі двухсерыйны фільм паводле аповесці Янкі Маўра «Чудо-остров, или Полесские робинзоны».
Трэба сказаць, папулярнасці «Палескіх рабінзонаў» у беларускіх кінематаграфістаў можна толькі пазайздросціць. Новы фільм — гэта ўжо трэці зварот «Беларусьфільма» да творчасці Янкі Маўра. Характэрна, што кожная новая стужка з'яўляецца на свет роўна праз 40 гадоў пасля папярэдняй.
Упершыню аповесць была экранізавана ў 1934 годзе, аўтарам сцэнарыя аднайменнай кінастужкі выступіў сам Янка Маўр. Карціна стала дэбютнай працай маладых рэжысёраў Іосіфа Бахара і Леаніда Малчанава. Фільм быў нямы, чорна-белы, да нашых дзён дайшоў толькі часткова, і інфармацыі пра яго захавалася няшмат.
У 1974 годзе па матывах «Палескіх рабінзонаў» быў зняты тэлевізійны фільм «Неоткрытые острова». Сцэнар карціны напісаў вядомы беларускі драматург Канстанцін Губарэвіч, рэжысёрам выступіў Леанід Мартынюк. Дзеці ўбачылі прыгодніцкі фільм з асучасненым сюжэтам, дзе галоўныя героі сутыкаюцца на бязлюдным востраве не з хаваючыміся бандытамі часоў грамадзянскай вайны, а з браканьерамі. Фільм здымалі на Выганашчанскім возеры і Любанскім вадасховішчы, кадры з дзікімі жывёламі — у Падмаскоўі, у спецыялізаванай паляўнічай гаспадарцы, якая займаецца прыручэннем звяроў.
Сюжэт тэлефільма «Чудо-остров, или Полесские робинзоны» складаней і разнастайней, чым гэта было ў ранейшых «рабінзанадах». Дзеянні разгортваюцца не толькі ў розныя гістарычныя перыяды, але і ў розных вымярэннях. Бо востраў гэты няпросты — тут размяшчаюцца вароты ў іншае вымярэнне, дзе час спыняе свой бег...
Здымалі фільм «Чудо-остров, или Полесские робинзоны» ў Бярэзінскім запаведніку. Усе звяркі, якіх убачыць глядач — насельнікі гэтага запаведнага кутка прыроды, увасоблены спецыяльна для карціны вядомым беларускім аператарам, аўтарам фільмаў пра жывую прыроду
Ігарам Бышнёвым.
Ролю палаца з іншага вымярэння «сыгралі» ў карціне Нясвіжскі і Мірскі замкі. А самая масавая сцэна фільма была знята ў Лошыцкім парку.
У краіне райскай птушкі — прыгодніцкая аповесць, асноўныя падзеі якой разгортваюцца на востраве Новая Гвінея. Аповесць пабудавана на сацыяльным канфлікце, на прамалёўцы двух варагуючых сіл — прыгнечаных папуасаў і гаспадароў-каланізатараў. У аповесці «У краіне райскай птушкі» вызначыліся асноўныя асаблівасці мастацкай манеры Янкі Маўра — прыгодніка, які здолеў увабраць у сябе энергію, характар і традыцыі заходняй прыгодніцкай класікі.
Урыўкі:
«Далёка-далёка ад нас, на другім баку зямлі, можна сказаць, супраць нашых ног, на поўнач ад Аўстраліі, ляжыць вялікі востраў Новая Гвінея. На дзве з паловай тысячы кіламетраў працягнуўся ён у даўжыню і больш чым на шэсцьсот кіламетраў — у шырыню. Тры такія дзяржавы, як Англія, маглі б змясціцца на гэтым востраве.
Ляжыць Новая Гвінея каля самага экватара; значыць, там стаіць вечнае лета. Не трэба дбаць ні аб апале, ні аб цёплым адзенні, ні аб шчыльнай хаце.
Увесь год растуць і цвітуць там розныя дзіўныя расліны.
Па чырвоных кветках даўжынёю і шырынёю з добры ручнік лётае райская птушка, якая толькі і жыве ў гэтай краіне ды на некалькіх бліжэйшых астравах».
«За паўкіламетра ад будынкаў, у балоцістай нізіне, была плантацыя гумавых, або каўчукавых, дрэў.
Ёсць некалькі дзесяткаў парод такіх дрэў, але найлепшыя паходзяць з Паўднёвай Амерыкі, з нізіны ракі Амазонкі. Адтуль іх сталі вывозіць і разводзіць у іншых гарачых краінах і ў тым ліку на Новай Гвінеі.
Гэтыя дрэвы належаць да аднаго роду з нашай травой малачаем, але тут яны дасягаюць велічыні дуба. Тры тысячы дрэў былі пасаджаны правільнымі радамі, і паміж іх завіхаліся рабочыя.
Гуму дае сок гэтых дрэў, і здабыча яго падобна да таго, як у нас увесну здабываюць сок з бяроз. Каўчукавы сок падобны да малака, толькі гусцейшы».
Даведка:
Папуа - Новая Гвінея — дзяржава ў Акіяніі, размешчаная ва ўсходняй частцы вострава Новая Гвінея і на 2 800 прылеглых астравах. На сушы мяжуе толькі з Інданезіяй, мае выхад да Ціхага і Індыйскага акіянаў, знаходзіцца недалёка ад Аўстраліі і Саламонавых астравоў.
Новая Гвінея была адкрыта ў 1526 годзе, а назву атрымала ў 1545 годзе за падабенства мясцовага насельніцтва з жыхарамі афрыканскай Гвінеі.
У часы еўрапейскай каланізацыі тэрыторыя была населена папуасамі і меланезійцамі, якія жылі ва ўмовах каменнага веку. Асноўнымі заняткамі мясцовага насельніцтва былі паляванне, збіранне і рыбалоўства, першыя жалезныя прылады былі завезены еўрапейцамі.
Доўгі час Папуа - Новая Гвінея знаходзілася пад уладай іншых краін: Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Германіі і нават Японіі. Толькі ў 1973 годзе яна атрымала ўнутранае самакіраванне, а ў 1975 годзе стала незалежнай дзяржавай.
Клімат краіны трапічны, вільготны, з невялікімі тэмпературнымі зменамі на працягу года. Папуа - Новая Гвінея мае вельмі багаты і разнастайны раслінны і жывёльны свет.
Спіс літаратуры
Бычков, Станислав Викторович. Изумрудное оперение Гаруды : [путевые заметки об Индонезии] / С. В. Бычков. — Москва : Мысль, 1987. — 189 с.
Гржимек, Бернгард. От кобры до медведя гризли : [о животном мире Японии, Индонезии, Индии, Непала, стран Южной и Северной Америки : перевод с немецкого] / Бернгард Гржимек. — Москва : Мысль, 1984. — 221, [2] с.
Домогацких, Михаил Георгиевич. Ожерелье экватора. — Москва : Мысль, 1980. — 384 с.
Индонезия : [фотоальбом / автор текста В. Грачева]. — Москва : Директ-Медиа, 2014. — 95 с. : цв. ил., карты . — (Путешествуй с удовольствием ; т. 24).
Любимцев, Павел Евгеньевич. Экзотические страны / Павел Любимцев. — Москва : Олма-пресс, 2004. — 271 с. — (Путешествия натуралиста).
Миклухо-Маклай, Николай Николаевич. Путешествие на Новую Гвинею : дневник путешествий 1871-1875 / Н. Н. Миклухо-Маклай. — Москва : Мир книги. — ( Путешествия вокруг света). — Кн. 1. — 2010. — 365, [2] с.
Новые рассказы Южных морей : Австралия, Западное Самоа, Новая Зеландия, Острова Кука, Папуа Новая Гвинея, Фиджи : Пер. с англ. / [Сост. Л. Володарская, А. Перриковская]. — Москва : Прогресс, 1980. — 349 с.
Цыбулько, Глеб Михайлович. Индонезия : [для среднего школьного возраста] / Глеб Цыбулько, Дмитрий Кошевар. — Минск : Адукацыя i выхаванне, 2021. — 63 с. — (Серия «Мир путешествий»).