Паважаныя чытачы! Прапануем вашай увазе “Гісторыю Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы горада Мінска”.
За гады свайго існавання яна прайшла вялікі і не заўсёды лёгкі шлях. Лёс бібліятэкі, яе гісторыя, яе сённяшні дзень – гэта частка жыцця нашай краіны, нашага горада. Кожны час накладаў свой адбітак на стан яе фондаў, інтарэсы наведвальнікаў, змест работы з чытачамі.
Сёння бібліятэка прымае сваіх чытачоў у цэнтры Мінска па адрасу: вуліца Веры Харужай, 16.
А пачыналася гісторыя так...
29 ліпеня 1949 года, было прынята Рашэнне Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных пра адкрыццё ў беларускай сталіцы гарадской публічнай бібліятэкі.
9 мая 1950 года з’явіўся дакумент - Рашэнне №401 «Аб часовым размяшчэнні гарадской бібліятэкі», і бібліятэка пачала працаваць у летняй чытальні парка імя Горкага.
Першым яе загадчыкам быў назначаны Яўсейчык М.А. Яе першыя тры супрацоўнікі збіралі кнігі для бібліятэкі - камплектавалі фонд, вырашалі пытанні абсталявання.
2 сакавіка 1952 года газета «Мінская праўда» паведаміла мінчанам, што ў новым 115-кватэрным будынку па вуліцы К.Маркса, 8 адбылося наваселле гарадской публічнай бібліятэкі, якой Гарадскі выканаўчы камітэт надаў імя Янкі Купалы.
На плошчы ў 228 квадратных метраў размясціліся чытальная зала на 100 пасадачных месцаў, абанемент, тры падсобныя пакоі. Было таксама абсталявана сховішча для фонду чытальнай залы.
У 1958 годзе бібліятэцы было прысвоена званне «Лепшая бібліятэка горада». Ужо ў той час бібліятэка імя Янкі Купалы мела свае традыцыі, славілася творчымі падыходамі да арганізацыі работы, уважлівымі і добрымі адносінамі да чытачоў.
У 50-60 гады бібліятэка працавала творча, шукала і ўкараняла лепшы вопыт, разам з краінай адзначала юбілейныя даты. У гэты перыяд інтэнсіўна фарміраваўся яе кніжны фонд. На 1.01.1958 года ён склаў 62 089 экземпляраў кніг. З’явіліся і новыя структурныя падраздзяленні - аддзел апрацоўкі і метадычны кабінет. У пачатку 1959 года на абанеменце быў адчынены свабодны доступ да кніжнага фонду.
Бібліятэка праводзіла вялікую работу па ўкараненні прагрэсіўнага вопыту ў бібліятэкі горада.
У шасцідзесятыя і сямідзесятыя гады бібліятэка, як і заўсёды, працавала ў адзіным рытме з краінай. Старыя фотакарткі ажыўляюць гісторыю, зберагаючы памяць пра чытачоў розных пакаленняў і пра бібліятэкараў, якія працавалі тут у розны час, распавядаюць пра рознабаковую дзейнасць установы за гады яе існавання. 3 іх глядзяць на нас нашыя калегі - маладыя, прыгожыя жанчыны, злучыўшыя свой лёс з бібліятэчнай справай, якую чамусьці многія лічаць вельмі лёгкай. Можа таму, што не ведаюць, колькі сіл аддадзена, каб зрабіцца той самай Купалаўкай, якую чытачы называюць «сваёй» і часам прысвячаюць ёй вершы. А тое, што працавалі старанна, зразумець не цяжка, калі пералічыць гра-маты і падзякі, якімі была адзначана праца калектыву.
Сярод іх : 1960 год - Ганаровая грамата Міністэрства культуры БССР і Беларускага рэспубліканскага Саюза работнікаў культуры за поспехі ў абслугоўванні жыхароў горада бібліятэчнай кнігай. 1963 год - званне «Бібліятэка выдатнай работы».
3 1976 года распачаўся новы этап у развіцці бібліятэкі - яна пачала абслугоўваць чытачоў па новым адрасе: вуліца Веры Харужай, 16. Новае памяшканне, палепшаныя ўмовы для працы ўдыхнулі новую энергію ў жыццё бібліятэкі.
Бібліятэка ператварылася ў сапраўдны грамадска-культурны цэнтр для жыхароў сталіцы. У яе вялікай утульнай актавай зале заўсёды адбываліся цікавыя сустрэчы з пісьменнікамі і са знакамітымі людзьмі, працаваў кіналекторый, збіраліся кнігалюбы, гучала музыка. Напрацягу многіх гадоў існавалі розныя клубы і гурткі.
У 1979 годзе змяніўся і статус бібліятэкі - яна стала Цэнтральнай бібліятэкай, аб’яднаўшы ў цэнтралізаваную сістэму 20 бібліятэк горада.
На правах філіялаў у ЦБС увайшлі гарадскія бібліятэкі, якія знаходзіліся ў розных мікрараёнах Мінска, і нотна-музычная бібліятэка.
Змены прынеслі новыя абавязкі і новую адказнасць за работу ўсіх падраздзяленняў цэнтралізаванай сістэмы.
У 1983 годзе дасягненні бібліятэкі былі адзначаны Дыпломам 3-яй ступені ВДНГ СССР.
Яе работа не раз адзначалася граматамі і дыпломамі кіруючых устаноў. Лад жыцця і дзейнасці бібліятэкі - гэта заўсёды адлюстраванне існуючай грамадскай сістэмы. У гэты час бібліятэка нямала зрабіла, каб захаваць кнігу, як знак сацыяльнай памяці. Актыўна працавала з літаратурай пра герояў цаліны і будаўнікоў БАМа, з мемуарамі дзеячоў партыі і ўдзельнікаў вайны.
Канец 90-х гадоў характарызаваўся актыўным укараненнем інфармацыйных тэхналогій ва ўсе працэсы бібліятэкі.
Гэта і час пошуку новых партнёраў, новых форм работы, новых прафесійных ведаў. Структура бібліятэкі пастаянна ўдасканальвалася - з’явіўся аддзел маркетынгу, аддзел самастойнага вывучэння нямецкай мовы. Працавалі «Бізнесбібліятэка», тры клубы і галерэя візуальных мастацтваў «NОVА». 3 1999 года чытачам выдаецца білет карыстальніка бібліятэкі ў сектары ўліку.
I колькасць чытачоў штогод расце. Цывілізавана выглядаюць аб’явы, запрашэнні, прадстаўнічая дакументацыя бібліятэкі - сведкі сур’ёзнага стаўлення да культуры ўстановы. Выдаецца інфармацыйны бюлетэнь «Бібліяфакт».
1999 год быў двойчы юбілейны: споўнілася 50 гадоў ЦБ імя Янкі Купалы і 20 гадоў з таго моманту, як мінскія гарадскія бібліятэкі былі аб’яднаны ў Цэнтралізаваную сістэму, якую яна ўзначальвае. Да юбілею быў падрыхтаваны медаль, спецыяльны нумар “Бібліяфакта” і тэматычныя паказальнікі, прысвечаныя бібліятэцы. Адбылася святочная вечарына, на якую запрасілі калег, чытачоў, сяброў, пісьменнікаў.
Бібліятэка зрабіла справаздачу аб сваёй пяцідзесяцігадовай дзейнасці ў двадцатым стагоддзі. Але ўжо набліжаўся новы век, новае тысячагоддзе...